Поликлиника информирует

09.04.2018

Аўтызм. Дыягностыка і ранняе ўмяшанне.

Статыстыка апошніх гадоў сведчыць аб павелічэнні колькасці дзяцей, якія трапляюць у катэгорыю аўтызму і аўтыстычнага спектра. На цяперашні час колькасць выпадкаў складае 1:67. Гэта вельмі вялікія лічбы, у шматлікіх краінах такі стан рэчаў параўноўваюць з новай эпідэміяй.

Аўтызм – гэта змены ў час развіцця чалавека, якія характарызуюцца якаснымі адхіленнямі ў сацыяльных узаемадзеяннях, кагнітыўных функуцыях і абмежаваных інтарэсах, стэрыятыпіях.

Аўтыстычны спектр – гэта спектр захворванняў, якія маюць агульнае паходжанне з аўтызмам, але адрозніваюцца ўзроўнем функцыянальных здольнасцей і перспектыў развіцця.

Апошнія клінічныя даследванні пацвярджаюць адсутнасць фармакалагічных прэпаратаў, якія здольны вылечыць аўтызм. Менавіта таму, не існуе таблеткі ад аўтызму! Асноўным з’яўляецца псіхолага-педагагічнае ўмяшанне з улікам медыкаментознага суправаджэння.

Ва ўзросце да 3-х гадоў нервовая сістэма і псіхіка чалавека яшчэ знаходзіцца на стадыі фарміравання, працэсы нервовай сістэмы пластычны. Аднак, успрыняцце чалавека з аўтызмам зменена, сенсорныя імпульсы апрацоўваюцца не так, як у іх аднагодак і не так, як у дзяцей з аднолькавым дыягназам. Варта ведаць, што адбываецца з дзіцем, каб не нашкодзіць яму.

Дакладныя прычыны з’яўлення аўтызму не вылучаны. Такое становішча стварае спрыяльныя ўмовы для з’яўлення памылак у разуменні таго, што адбываецца з дзіцем. У перыядзе да 3-х гадоў складана выставіць дыягназ аўтызм, аднак першыя трывожныя моманты можна заўважыць ужо ва ўзросце 8-мі месяцаў. Таму існуе такое паняцце як “група рызыкі аўтыстычнага спектра”. Дадзены накірунак ставіць задачу прадухіліць развіццё аўтыстычных праяў, павялічыць шанец дзяцей ранняга ўзросту на далейшае самастойнае і незалежнае дарослае жыццё.

Каб пазбегнуць памылак і не згубіць спрыяльны перыяд для ўмяшання (узрост да 3-х гадоў) бацькам варта звярнуць увагу на наступныя асаблівасці ў паводзінах дзіцяці:

- Не адклікаецца на сваё імя, паводзіць сябе нібыта глухое.

- Мае абмежаваныя зацікаўленасці і аднолькавасць у дзеянні.

- Нібыта знаходзіцца “само ў сабе”.

- Не глядзіць у вочы, няма зрокавага кантакту (хутка адводзіць позірк, позірк складана злавіць, погляд скрозь прадметы\чалавека).

- Успрымае людзей як прадметы (лезе па людзях, выкарыстоўвае рукі іншых дзеля дасягнення пэўных мэт і г.д.).

- Не цікавіцца цацкамі альбо гуляе з імі “неяк не так” (выстаўляе шэрагі з цацак, круціць колы і дэталі канструктара, замест таго каб катаць і будаваць).

- Не любіць, не гуляе ў сумесныя гульні з дарослымі і дзецьмі, не пераймае.

- Можа без мэты рухацца па пакоі, не засяроджвае ўвагі на навакольных прадметах.

- Спецыфічна рэагуе на гукі, пахі, святло, смак, колеры, фізічныя актыўнасці (альбо вельмі канцэнтруецца, альбо поўнасцю ігнаруе).

- Не прызнае змены раскладу ў звычайным плане. Негатыўна рэагуе на ўмяшанне ў сваю дзейнасць альбо змяненне плана гульні. Настойліва крочыць па адной і той жа дарозе. Прытрымліваецца адных і тых жа рытуалаў у гульні.

- Адстае ў моўным развіцці: словы нібыта ні на каго не накіраваны. Паўтарае выразы, якія раней пачуў ад іншых людзей з фільмаў і мультфільмаў. Кажа пра сябе ў трэцяй асобе.

Калі некаторыя з прыведзеных пунктаў уласцівыя вашаму дзіцяці, то звярніцеся да спецыялістаў-прафесіяналаў у гэтай сферы: псіхіятр, псіхолаг, лагапед, неўролаг.

           УЗ “15-я городская детская поликлиника” психолог районного центра раннего вмешательства Богуцкий И.О.